Твор, які пачынаецца гэтымі радкамі, здаўна лічыцца пахвалой старабеларускай мове і адным з найдаўнейшых узораў айчыннай патрыятычнай лірыкі. Аднак новыя даследаванні паказваюць, што хрэстаматыйны верш можа быць фальсіфікацыяй аўтарства расійскага чыноўніка.

Першыя радкі знакамітага верша са старонак Слуцкага спіса Статута ВКЛ 1529 года, які прыпісваецца Яну Казіміру Пашкевічу. Фота: pravo.by / Расійская дзяржаўная бібліятэка
У гісторыі беларускай літаратуры імя Яна Казіміра Пашкевіча трывала звязана з адзіным вядомым ягоным творам — вершам «Польшча квітнет лаціною, Літва квітнет русчызною…». Тэкст датуецца 22 жніўня 1621 года і захоўваецца ў выглядзе рукапіснага прыпісу на пустых старонках Слуцкага спіса Статута ВКЛ 1529 года. Твор напісаны правільным чатырохстопным харэем, што робіць яго ці не першым узорам сілаба-танічнага вершаскладання на нашых землях, і ўтрымлівае выразны патрыятычны пасыл: народ і дзяржава існуюць датуль, пакуль жыве іх мова («русчызнай» тады называлі старабеларускую і стараўкраінскую мовы, у адрозненне ад мовы «маскоўскай»).
Аднак даследчыца Ірына Багдановіч у сваёй працы для выдання Studia Białorutenistyczne ставіць аўтэнтычнасць твора пад сур'ёзнае сумненне.
Тэксталагічны і гістарычны аналіз выкрывае шэраг нестыковак, якія робяць верш абсалютна анахранічным для рэалій Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVII стагоддзя.

Старонка Слуцкага спіса Статута ВКЛ 1529 года з вершам. Фота: pravo.by / Расійская дзяржаўная бібліятэка
Першая анамалія — лінгва-паэтычная. Яшчэ ў 1970‑я гады даследчык Мікола Грынчык звярнуў увагу, што выкарыстанне чатырохстопнага харэя ў 1621 годзе выглядае максімальна ненатуральна. У той час як у польскай, так і ў беларускай версіфікацыі татальна панаваў 13-складовік. Іншыя навукоўцы таксама адзначалі пэўную прымітыўнасць верша, называючы яго «вучнёўскім», бо па сваёй форме ён больш нагадвае дысцыплінавана выкананае хатняе заданне шкаляра, чым арганічны твор эпохі барока са складанай сістэмай метафар.
Другая анамалія — ідэалагічная. Для літвінаў і русінаў XVII стагоддзя праблема «выжывання» ўласнай мовы і звязвання яе з сусветнай славай («По ўсем свеце юж дойжала») не стаяла так востра.
Старабеларуская мова мела статус дзяржаўнай, на ёй былі напісаныя Статуты, і яна проста выконвала сваю камунікатыўную функцыю, не патрабуючы апалагетыкі ў стылі нацыянальнага рамантызму XIX стагоддзя.
Затое змест верша ідэальна кладзецца на ідэалогію «панрусізму» Расійскай імперыі 1840‑х гадоў. Уладам трэба было гістарычна абгрунтаваць свае правы на далучаныя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай землі, а «рускую» мову беларусаў імперскія чыноўнікі атаясамлівалі з «русскім языком» імперыі.
Трэцяя анамалія — структурная. Сучасны хрэстаматыйны варыянт верша, які ўвёў у абарот Максім Гарэцкі ў 1920‑я гады, складаецца з дзесяці радкоў. Аднак у першых дзвюх публікацыях гэтага твора, зробленых у Вільні ў 1842 і 1843 гадах, радкоў было толькі восем. Там цалкам адсутнічаў пасаж: «Без той у Польшчы не прабудзеш, / Без сей у Літве блазнем будзеш». Гэтыя радкі з'явіліся толькі пазней. Лагічнае пытанне: калі аўтэнтычны верш быў фізічна напісаны ў рукапісе Статута, куды падзеліся два радкі падчас першых публікацый? Гэта можа сведчыць пра тое, што тэкст дапрацоўваўся і рэдагаваўся «на хаду» ўжо ў XIX стагоддзі.

Першая старонка Слуцкага спіса Статута ВКЛ 1529 года. Фота: pravo.by / Расійская дзяржаўная бібліятэка
Самае хісткае месца — гісторыя самога рукапісу Статута. У 1823 годзе прафесар Віленскага ўніверсітэта Ігнат Даніловіч апублікаваў у часопісе «Dziennik Wileński» падрабязнае бібліяграфічнае апісанне Слуцкага спіса Першага Літоўскага Статута. Даніловіч асабіста працаваў з дакументам і дэталёва задакументаваў не толькі асноўны тэкст, але і ўсе пабочныя надпісы на пустых аркушах.
Прафесар згадвае, што рукапіс належаў нейкаму Яну Казіміру Пашкевічу, які на пустых старонках пасля кожнага раздзела пакінуў свае запісы. Даніловіч называе іх «канцэптамі» і выкарыстоўвае даволі грэблівае польскае слова «zabazgrał» (запэцкаў). Пры гэтым даследчык датуе гэтыя надпісы прыкладна — да 1654 года — зыходзячы з таго, што менавіта гэтым годам датаваныя пазнакі наступнага ўласніка кнігі — Людвіка Дамарадскага.
Даніловіч, які скрупулёзна фіксаваў кожную дэталь, ніводным словам не згадвае патрыятычны верш пра мову. Ён таксама не называе дакладную дату «22 жніўня 1621 года», якая нібыта стаяла перад тэкстам твора. Імавернасць таго, што дасведчаны прафесар не заўважыў такога яркага паэтычнага тэксту і памыліўся ў датах на трыццаць гадоў, фактычна нулявая.
Выснова напрашваецца адна: у 1823 годзе верша на старонках рукапісу проста яшчэ не існавала.
Фізічны стан самога дакумента дадаткова пацвярджае факт падробкі. Даследчыца звяртае ўвагу на дзіўныя маніпуляцыі з нумарацыяй старонак і почыркамі. Частка сучасных літаратуразнаўцаў, напрыклад, Іван Саверчанка, сцвярджае, што верш змешчаны на 13‑м аркушы. Аднак у фундаментальным акадэмічным выданні «Першы Літоўскі Статут: Палеаграфічны і тэксталагічны аналіз спісаў» (Вільня, 1983) дакладна пазначана, што твор знаходзіцца на старонцы 25/27.

Разварот Слуцкага спіса Статута ВКЛ 1529 года. На адной старонцы змешчаны шэсць сапраўдных аўтографаў Яна Казіміра Пашкевіча, а на суседняй іх копіі з датай і вершам. Фота: pravo.by / Расійская дзяржаўная бібліятэка
На старонцы 24 прысутнічаюць шэсць сапраўдных аўтографаў Яна Казіміра Пашкевіча, аўтэнтычнасць якіх не выклікае сумненняў. А на суседняй 25‑й старонцы два з гэтых аўтографаў раптам паўтараюцца зноў, але ўжо з дадаткам даты «22.VIII.1621» і самім тэкстам верша.
Літоўскія гісторыкі Станісловас Лазутка і Эдвардас Гудавічус, якія праводзілі палеаграфічны аналіз рукапісу, адзначылі, што почырк на 25‑й старонцы адрозніваецца ад сапраўдных аўтографаў Пашкевіча — ён выкананы ў «стылізаванай размашыстай манеры».
Тут варта зрабіць рэмарку наконт постацей саміх даследчыкаў. Іх погляды на гісторыю ВКЛ былі прама супрацьлеглымі. Калі Станісловас Лазутка быў вядомы сваімі сімпатыямі да беларускай спадчыны і паслядоўна ўжываў тэрмін «старабеларуская мова», то Эдвардас Гудавічус выступаў з пазіцый жорсткага літоўскага этнацэнтрызму, адмаўляў дзяржаватворчую ролю ўсходніх славян і называў мову Статутаў пазбаўленым нацыянальнай асновы «інтэрдыялектам».
Каму быў выгадны верш?Калі верша не існавала ў 1823 годзе, адкуль ён узяўся і каму была выгадная гэтая містыфікацыя? Усе сляды вядуць да віленскага губернатара Аляксея Васільевіча Сямёнава.

Аляксей Сямёнаў, тады яшчэ мінскі віцэ-губернатар, у альбоме «Трыццатыя гады». Фота: Wikimedia Commons
Сямёнаў быў удзельнікам вайны 1812 года і былым дзекабрыстам, членам «Саюза росквіту». Пасля паўстання 1825 года яго арыштавалі, але Мікалай I вызваліў Сямёнава з апраўдальным атэстатам. У наступным дзесяцігоддзі кар’ера Сямёнава пайшла ўгору, спачатку ў 1834 годзе ён быў прызначаны мінскім віцэ-губернатарам, а ў кастрычніку 1840 года заняў пасаду віленскага грамадзянскага губернатара.
У Вільні губернатар зацікавіўся мясцовымі архівамі. Ён узяў той самы Слуцкі спіс Статута з бібліятэкі Каталіцкай духоўнай акадэміі ў біскупа Клангевіча і доўгі час не вяртаў яго, нягледзячы на шматлікія напаміны і патрабаванні. Біскуп так і памёр у 1841 годзе, не дачакаўшы кнігі.
У тым жа 1841 годзе Сямёнаў дакладвае ў Пецярбург міністру ўнутраных спраў пра «выбітную знаходку» — выяўлены на старонках Статута рускамоўны верш XVII стагоддзя.
У сваім рапарце губернатар раскрывае ідэалагічную важнасць знаходкі: верш нібыта даказвае, што «руская» мова (якую імперскія чыноўнікі свядома атаясамлівалі са старабеларускай) у XVII стагоддзі была ў Літве не толькі судовай, але і гутарковай, пануючай для ўсіх жыхароў, незалежна ад веравызнання.
Каб зрабіць знаходку яшчэ больш прывабнай для Пецярбурга, Сямёнаў ідзе на хітрыкі. У дакладзе ён піша, што верш створаны 22 жніўня 1622 года (хоць у самім тэксце стаіць 1621 год). І хоць з годам чыноўнік, хутчэй за ўсё, проста памыліўся, ён робіць стаўку на магію іншых лічбаў — дня і месяца.
Сямёнаў падкрэслівае, што тэкст напісаны менавіта 22 жніўня — у той самы дзень, калі адбылася каранацыя кіруючага імператара Мікалая I (22 жніўня 1826 года). Губернатар падае верш цару як «прадказанне будучай славы Расіі», зробленае больш чым за 200 гадоў да гэтай падзеі. Гэта быў бліскучы ідэалагічны ход, за які Сямёнаў пазней атрымаў манаршую ласку і ордэн Святой Ганны I ступені.
Тэхнічна выканаць падробку было нескладана. У губернатара быў неабмежаваны доступ да дакумента з пустымі старонкамі і час. Выкарыстоўваючы даступную тады тэхналогію літаграфіі, фальсіфікатары змаглі скапіяваць агульную стылістыку сапраўдных надпісаў Пашкевіча і ўпісаць патрэбны патрыятычны тэкст побач з імі (што і патлумачыла змену почырку, зафіксаваную пазней літоўскімі гісторыкамі).
Каб схаваць сляды ўмяшання, Сямёнаў у сваіх публікацыях пачаў блытаць паходжанне рукапісу, выдаючы Слуцкі спіс за нейкі асобны «Віленскі». Сама ж кніга пасля ўсіх маніпуляцый так і не вярнулася ў Вільню, асела ў Пецярбургу.
Так што хрэстаматыйны верш «Польшча квітнет лаціною…» з вялікай імавернасцю з'яўляецца вынікам літаратурнай містыфікацыі 1840‑х гадоў, створанай расійскім чыноўнікам, які такім чынам спадзяваўся легітымізаваць далучэнне зямель былога Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай Імперыі.
