Дакладныя палітычныя прагнозы — вельмі важная рэч. Не толькі таму, што задавальняюць нашу цікаўнасць наконт будучыні. Дакладны прагноз дазваляе яшчэ і падрыхтавацца да таго, каб скарыстацца шанцамі, якія даюць будучыя перамены. Альбо нівеляваць магчымыя пагрозы. Што зараз надзвычай важна для Беларусі і ўсяго еўрапейскага рэгіёна, піша ў тэлеграме былы палітвязень Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч на мітынгу БНФ на плошчы Незалежнасці (тады яшчэ Леніна) 20 жніўня 1991 года
Напрыклад, 35 гадоў таму ў Маскве пачаўся путч ГКЧП, мэтай якога было ўратаваць СССР. Але які, у выніку, прывёў да яго распаду. Таму, якраз сёння зручная нагода, каб паразважаць пра тагачасныя прагнозы, бо сама гісторыя ўжо паказала іх слушнасць ці няслушнасць. Тады некаторыя прагназавалі не толькі сам распад савецкай імперыі, але нават спрабавалі прадказаць будучыню яе частак.
У той час я працаваў над доктарскай дысертацыяй, прысвечанай чалавека-машынным сістэмам кіравання, і мусіў разбірацца, акрамя тэхнічных пытанняў, з матывацыяй чалавека ў гэтых сістэмах для эфектыўнага кіравання і для навучання такому кіраванню, што патрабавала вывучэння і гуманітарных навук.
З сацыяльнай псіхалогіі мне было вядома, што дзяржава, не аб'яднаная агульнымі каштоўнасцямі, непазбежна распадаецца. Савецкі Саюз аб'ядноўвала камуністычная ідэалогія, якая была цалкам дыскрэдытаваная ў выніку «галоснасці» Гарбачова праўдай пра сапраўдны кошт камуністычнага эксперыменту для народаў СССР. Іншай аб'яднаўчай ідэалогіяй на той час магла быць толькі нацыянальная, што стала прысудам для шматнацыянальнай імперыі.
Тады, прагназуючы яе распад, я бачыў самую вялікую рызыку ў развязванні савецкай арміяй грамадзянскай вайны ў нацыянальных рэспубліках. Бо калі пад імперскім войскам распадаецца імперыя, амаль рэфлекторная рэакцыя гэтага войска — зброяй прадухіліць распад. Што праз некалькі год выразна выявілася пры распадзе Югаславіі.
Таму пытанне падзелу савецкай арміі паміж рэспублікамі і стварэнне ў іх сваіх армій рабілася вызначальным. Тым больш што досвед распаду Расійскай Імперыі ў 1917 годзе сведчыў, што тады незалежнасці здолелі дасягнуць толькі тыя яе «ўскраіны», якія здолелі да моманту распаду стварыць і захаваць нацыянальныя вайсковыя часці. У беларусаў гэта не атрымалася.
Аднымі дэкларацыямі ды граматамі незалежнасць не здабываецца і не бароніцца. У мяне ўражанне, што гэтая банальная ісціна дагэтуль не зразумелая тым, хто прэтэндуе на альтэрнатыўнае дзяржаўнае лідарства.
Таму праз мае напачатку ананімныя публікацыі ў тагачаснай беларускай прэсе ў 1990‑1991 гадах рыхтавалася грамадская думка на карысць стварэння свайго войска. Трэба сказаць, што гэтая прапанова спадабалася беларусам, бо для іх яна значыла, што іх дзеці будуць служыць у войску каля дома, а не ў Сібіры ці ў Сярэдняй Азіі. Згодна з сацыялагічным апытаннем у сярэдзіне 1991 года яе падтрымлівалі 60% жыхароў Беларусі.
Таксама, дзякуючы гэтым публікацыям і паштовым кантактам у іх, па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза (і ў Беларусі ў тым ліку) была створаная сетка афіцэраў-беларусаў, якія хацелі служыць Беларусі.
ГКЧП прымусіў нас прыспешвацца. 20 жніўня 1991 года ў перадачы радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», дзякуючы яе вядучаму Віталю Сямашку, мной было аб'яўлена пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ) і агучаны заклік БЗВ да ўсіх вайскоўцаў не выконваць загады ГКЧП. У той жа дзень гэтыя аб'ява і заклік былі агучаныя на мітынгу БНФ на плошчы Незалежнасці.
Пасля паразы ГКЧП мы адразу перадалі ў Вярхоўны Савет, праз фракцыю БНФ у ім, законапраект пра стварэнне беларускага войска. Але гэты законапраект быў правалены звышактыўным супрацьдзеяннем аднаго дэпутата са Шклоўскага раёна, які меў уплыў на шматлікіх дэпутатаў — старшынь калгасаў, і рабіў усё, каб беларускае войска не было створана. У выніку закон быў прыняты ледзь не з чацвёртай спробы толькі напачатку 1992 года. Увесь гэты час рэгіён знаходзіўся на мяжы грамадзянскай вайны. Украіна патрабавала ад Масквы перадаць у яе падпарадкаванне ўсе савецкія вайсковыя часці на сваёй зямлі.
У Генштабе Савецкай арміі наспявала змова, рыхтаваўся ўзброены мяцеж у Прыбалтыйскай вайсковай акрузе, дзе мясцовыя ўлады патрабавалі тэрміновага вываду савецкіх войскаў. Пасля таго, калі да патрабаванняў Украіны нарэшце далучылася Беларусь, Масква саступіла патрабаванням і пагроза грамадзянскай вайны была ліквідаваная.
Гэта гісторыя — важнае сведчанне важнасці дакладнага палітычнага прагнозу. На гэтым канале я ўжо пісаў пра зроблены ў 2018 годзе Народнай Грамадой і Беларускім нацыянальным Кангрэсам прагноз пра наспяванне ў Беларусі рэвалюцыйнай сітуацыі, што дазволіла нам падрыхтавацца да будучых падзей.
Цяпер я прывяду яшчэ некалькі прыкладаў палітычных прагнозаў, зробленых іншымі людзьмі напярэдадні распаду СССР пра будучыню яго рэспублік і якія дагэтуль уражваюць мяне сваёй дакладнасцю.
Мне здаецца, што ў пераломныя моманты гісторыі ў некаторых людзей абвастраецца адчуванне яе хады і накірунку.
На адной з навуковых канферэнцый напрыканцы 1980‑х я пазнаёміўся з навукоўцам з Масквы, які належаў да вельмі старой адукаванай сям'і, што стагоддзямі жыла ў розных ісламскіх краінах, і які добра ведаў паўднёвыя савецкія рэгіёны. Мы размаўлялі пра будучыню гэтых рэгіёнаў пасля распаду савецкай імперыі.
Паводле яго меркавання, сярэднеазіяцкім савецкім рэспублікам наканаваны «альбо хан, альбо законы шарыяту». Цяпер мы бачым, што там, пасля вайны з ісламістамі ў Таджыкістане і задушэння іх выступаў ва Узбекістане, пакуль спыніліся на варыянтах «ханскага» праўлення.
Мой суразмоўца лічыў, што Азербайджан мае перспектывы для існавання сваёй дзяржавы, дзякуючы нафтавым даходам, прагназаваў праблемы для Грузіі, якой, па яго словах, было цяжка прапанаваць нешта ліквіднае для міжнародных рынкаў. Яшчэ ён вельмі скептычна ацэньваў перспектывы самастойнага існавання Арменіі, якая тады ўжо вяла ўзброены канфлікт з Азербайджанам з-за Нагорнага Карабаха і знаходзілася ў халодным канфлікце з саюзнікам Азербайджана Турцыяй. Заціснутай паміж ворагамі Арменіі, па яго меркаванні, не будзе іншага выйсця, як «вярнуцца» да Расіі.
Але ж прагноз — не прысуд. І цяпер мы бачым, як Арменія вырываецца з геапалітычнай пасткі, хоць і змушана ахвяраваўшы Нагорным Карабахам. Мне гэта чамусьці нагадвае некалі пачутую гісторыю, як воўк, каб вырвацца з пасткі, адгрызае сабе лапу, якая трапіла ў яе.
Асабліва запомніўся яшчэ адзін тагачасны прагноз, які, дакладней, трэба было б назваць папярэджаннем ці нават пагрозай.
Адзін курсант Мінскай вышэйшай інжынернай зенітнай ракетнай вучэльні, у якога я быў кіраўніком дыпломнай працы, пасля вакацый, праведзеных у Маскве, распавёў мне пра размову на вечарынцы з прадстаўніком нейкай расійскай шавіністычнай арганізацыі. Той, па словах майго дыпломніка, коратка сфармуляваў сваё бачанне будучыні імперыі. Гучала яно так:
«Прыбалтыка сыдзе. Яны там чужыя для нас, сваімі ніколі не будуць. Таму хай сыходзяць. Азіяцкія рэспублікі хай таксама сыходзяць — колькі ўжо можна сядзець на нашай шыі. За Украіну мы будзем ваяваць. Але яна занадта вялікая, не ведаю, ці здолеем яе адолець. А вы, беларусы, сядзіце і нават не рыпайцеся».
Не ведаю, ці адрасавалася гэтае папярэджанне асабіста мне, бо ў вучэльні ўжо хадзілі чуткі пра мае «нацыяналістычныя» погляды, ці гэта была пагроза ўсім беларусам. Але прыняў я яе сур'ёзна, бо погляды таго «прагназіста» былі, як я шмат разоў пераконваўся, дамінуючымі сярод расійскага грамадства. Але на той момант гэта пагроза нават у нечым супакоіла мяне, бо калі яны самі не ўпэўненыя, ці «адолеюць» Украіну, то іх параза там дасць шанцы на незалежнасць і нам.
Таму трэба было «рыпацца»: ствараць сваё войска, весці гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства. Але, ведаючы настроі ў Расіі, увесь час чакаць, калі Масква пачне свой рэванш.
Шчыра кажучы, у снежні 2021 года, праз 30 год пасля Белавежскіх пагадненняў, якія «адмянілі» СССР, я ўжо пачаў спадзявацца, што ўсё завершыцца Крымам і Данбасам, пакуль не з'явіўся невыканальны Ультыматум Масквы НАТА, які быў класічным casus belli (нагодай для вайны), і пакуль у раёне Мазыра не размясціліся расійскія войскі, нібыта для вучэнняў.
А зараз Украіна ваюе не толькі за сваю незалежнасць. Яна яшчэ ваюе і за незалежнасць Беларусі ды краін Балтыі, як мінімум.
Думаю, што беларусы, якія паехалі ва Украіну пасля расійскага ўварвання туды, выдатна гэта разумеюць. Чарговы парадокс гісторыі — некалі Украіна, дзякуючы Багдану Хмяльніцкаму, зрабіла Масковію імперыяй з-за свайго далучэння да яе, што, пасля доўгага і крывавага супраціву ды самых вялікіх у нашай гісторыі чалавечых стратаў, «заматала» ў гэтую імперыю і Беларусь. А цяпер Украіна вядзе вайну, каб адстаяць сваю незалежнасць і тым «адмяніць» імперыю.
Нагадвае выпраўленне гістарычных памылак.

| # | Наименование новости | Тональность | Информативность | Дата публикации |
|---|---|---|---|---|
| 1 | Черечень призовет сторонников голосовать за Тихановскую, если будет второй тур выборов | 0 | 0 | 04-08-2020 |
| 2 | Мікола Дзядок расказаў, як сукамернік-крымінальнік зрабіў яго беларускамоўным | 0 | 10 | 10-06-2026 |
| 3 | Лукашенко заявил, что Белоруссия сделает разворот на Восток во внешней политике | 0 | 0 | 31-03-2023 |
| 4 | Лукашенко предвидит сильное экономическое давление на Белоруссию | 0 | 0 | 22-06-2020 |
| 5 | Лукашенко заявил, что в политическом поле Белоруссии не будет иноагентов и партии власти | 0 | 0 | 31-03-2023 |
| 6 | Лукашенко заявил, что Белоруссия вынуждена проводить многовекторную политику | 0 | 0 | 01-09-2020 |
| 7 | Лукашенко объяснил свое умение давать верные политические прогнозы | 0 | 0 | 22-08-2025 |
| 8 | Лукашенко призвал не политизировать трудовые коллективы | 0 | 0 | 15-08-2020 |
| 9 | Лукашенко призвал "не перепрыгивать" через этапы при создании Союзного государства с РФ | 0 | 0 | 11-02-2021 |
| 10 | Латушка: Лукашэнка асабіста загадаў мне скараціць Спіс помнікаў удвая, бо яны «замінаюць інвестарам» | 0 | 10 | 16-08-2026 |