Блогер-трукач Арцемій Пракапенка казаў, што 25 разоў рызыкаваў жыццём — менавіта столькі патэнцыйна смяротных трукаў ён выканаў за свае 24 гады. Але ж у гэты раз у Лідзе нешта пайшло не па плане.

Арцемій Пракапенка. Скрыншот яго інстаграма
Падчас аўтамабільнага шоу «Тачкі. Пікнік», якое праходзіла ля сцен Лідскага замка на мінулых выходных, адбыўся няшчасны выпадак. 24‑гадовы каскадзёр Арцемій Пракапенка стаяў на вялікай бочцы. Ён падскочыў і ўжо ў паветры яго на хуткасці збіла адна з машын, якія дрыфтавалі.
На адным з відэа інцыдэнту бачна, што да хлопца, які ляжыць на асфальце, падбягаюць іншыя мужчыны. Яны хутка хапаюць Арцемія за рукі і ногі і выносяць яго з пляцоўкі. Далей шоу працягнулася.

Скрыншот відэа. Якасць палепшана з дапамогай ШІ
Гэта абурыла шмат каго з відавочцаў. Бо ў такіх выпадках катэгарычна не рэкамендуюць перамяшчаць чалавека да прыбыцця дактароў — могуць быць траўмы шыі, хрыбетніка, таза, пашкоджанні ўнутраных органаў. Лішнія згінанні і павароты цела могуць істотна пагоршыць стан чалавека. Пры транспарціроўцы пацярпелага важна, каб галава, шыя і тулава знаходзіліся на адной лініі.
@defender_humor Трагедия на Тачки Пікнік 2026 в Лиде. #тачкипикник ♬ оригинальный звук - DEFENDER
У каментары «Анлайнеру» арганізатары шоу падкрэслілі, што на мерапрыемстве дзяжурылі дзве карэты хуткай дапамогі — і медыкі аператыўна аказалі першую дапамогу, пасля якой Арцемія шпіталізавалі ў бальніцу Ліды.

Скрыншот відэа
Публіку на месцы паспрабавалі супакоіць: абвясцілі, што хлопец толькі зламаў нагу ды атрымаў удар галавы.

Скрыншот відэа. Якасць палепшана з дапамогай ШІ
Але, як высветліла «Наша Ніва», сітуацыя больш сур’ёзная. Знаёмыя Арцемія распавядаюць, што яго перавезлі ў бальніцу ў Мінск — і стан быў сярэдняй цяжкасці. Сам хлопец на сувязь цяпер не выходзіць.
Арцемій Пракапенка — адзін з самых вядомых каскадзёраў Беларусі. У свае 24 гады ён мае больш за 80 тысяч падпісчыкаў у інстаграме, дзясяткі мільёнаў праглядаў у сацсетках, а таксама падпісаў дамову з Red Bull і стаў амбасадарам брэнда.

Фота: abw.by
Сябры характарызуюць Арцемія як адрэналінавага наркамана. А яго гісторыя поспеху ўражвае.
Некалькі гадоў таму хлопец з вёскі Кавалі пад Бабруйскам вырашыў паздымаць свае «хуліганскія забавы». Ужо трэці ролік заляцеў на паўтара мільёна праглядаў, потым з’явіліся рэкламадаўцы… Арцемій пачаў ускладняць трукі.

Любімы трук Арцемія. Фота: abw.by
Хлопец жартаваў: «Напэўна, у вёсцы ўжо практычна не засталося небяспечных для жыцця лакацый, дзе я нешта не зняў. У мяне ў шапцы профілю ў інстаграме ідзе падлік, колькі разоў я па-сапраўднаму рызыкнуў жыццём. Пакуль што там лічба 25 — па колькасці патэнцыйна смяротных трукаў».
Арцемій рэалізоўваў самыя рызыкоўныя ідэі. Напрыклад, смажыў шашлыкі ў «Жыгулях», якія рухаюцца. Мангал, вуглі — усё па-сапраўднаму. Сам хлопец сядзеў за стырном і адначасова не толькі кіраваў машынай, але і пераварочваў мяса.
Ці ехаў на раздзяўбанай машыне і з яе заскокваў на дах іншай. Яшчэ варыянт — гнаць на матацыкле ды пераскочыць па самаробным трампліне праз аўтамабіль, які рухаецца насустрач. Тады Арцемій тварам паляцеў у зямлю з вышыні двух метраў.
Найбольш папулярнае відэа ў інстаграме Арцемія набрала 228 мільёнаў праглядаў. У ім на хлопца едзе «Масквіч» — калі адлегласць да машыны можна вылічваць літаральна ў сантыметрах, каскадзёр крочыць наперад і правальваецца ў замаскіраваную травой яму.
А агулам яго відэа маюць больш за 450 мільёнаў праглядаў.
У інтэрв’ю, якое выйшла за некалькі тыдняў да шоу, Арцемія называлі самым шалёным каскадзёрам на «Тачках», які заўсёды гатовы выканаць нават дзікія трукі: «Калі трэба на поўным хаду пераскочыць праз перашкоду або звесіцца ўніз галавой з машыны ў дрыфце — усё да яго».

Вось так мусіў выглядаць той самы трук. Фота з рэпетыцыі: onliner.by
Сам хлопец адзначаў, што яму страшна выконваць трук на бочцы, бо яна максімальна няўстойлівая. Менавіта гэты трук можа каштаваць каскадзёру здароўя.
Пры гэтым Арцемій прызнаваўся, што шмат разоў трэніравацца перад выступам не плануе — максімум раз ці два. І вось як тлумачыў сваё рашэнне: «Чым больш разоў паўтараю трук, тым страшней наступным разам яго выконваць. Спачатку апрабоўваю трук — «так, гэта лёгка» — і другі раз раблю яго максімальна ўпэўнена. Калі паўтару 10 разоў, то на 11‑ы ёсць рызыка расслабіцца і нарабіць спраў».
Арцемій запэўніваў тых, хто збіраўся на аўташоу: «Мы будзем рабіць дзіч!».
