Аляксандар Мілінкевіч памёр 11 жніўня ва ўзросьце 79 гадоў. У дзень разьвітаньня зь ім у Варшаве мы пагаварылі са стваральніцай «Белсату» Агнешкай Рамашэўскай. Апошні год яны працавалі над кнігай, у якой Мілінкевіч хацеў расказаць пра гісторыю сваёй сям’і, Гарадзеншчыны і ўласны палітычны шлях.
Ідэя кнігі ўзьнікла нечакана, расказвае Агнешка Рамашэўска, падчас сустрэчы ў агульнага сябра.
«Мы пазнаёміліся з Аляксандрам шмат гадоў таму, але ідэя ўзьнікла ў мінулым годзе. Мы разам сустрэліся на вечарыне ў нашага супольнага сябра, які пісаў пра Палесьсе. І тады спадар Мілінкевіч сказаў мне: „Гэта так цікава, што ён расказвае пра сваю зямлю, а я пра сваю ніколі гэтага не расказваў. Пра сваю Гарадзеншчыну“. І тады я сказала: „Дык давайце пагаворым“».
Гэтыя размовы паступова ператварыліся ў вялікі сямейна-гістарычны аповед. Мілінкевіч пачаў расказваць пра сваіх продкаў, пра Гарадзеншчыну, пра падзеі XIX і XX стагодзьдзяў, якія паўплывалі на яго сям’ю.
Рамашэўская кажа, што для Мілінкевіча гісторыя ўласнай сям’і была не проста наборам датаў і імёнаў. Гэта была крыніца ягонага сьветапогляду.
«Гэта вельмі цікавы аповед, таму што ён пачынаецца яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя, ад дзеда ягонага дзеда. Ягоная сям’я пасьля паўстаньня Каліноўскага ў 1863 годзе пераехала непадалёк ад Берштаў. Гэта была дробная шляхта. Іх выгналі з іх сямейнай мясцовасьці, і там яны ўжо нанова будавалі сваё жыцьцё».
Асаблівае месца ў гэтых успамінах займаў дзед Мілінкевіча — бацька ягонай маці.
«Дзед быў для яго вельмі важным чалавекам. Ён быў крыніцай памяці. Менавіта ён расказваў яму ўсё гэта. І гэты чалавек сам меў вельмі цікавае жыцьцё. Ён працаваў у Пецярбургу, потым у міжваеннай Польшчы стаў беларускім дзеячам на Гарадзеншчыне. Некалькі разоў яму ўдалося ўцячы ад сьмерці з рук бальшавікоў, потым ён сядзеў у польскай турме, бо дапамагаў людзям, якія пераходзілі мяжу паміж Літвой і Польшчай».
У гісторыі сям’і Мілінкевіча ёсьць і яшчэ адна незвычайная старонка. Ягоныя бацькі выхоўваліся ў Горадні, а пазьней працавалі ў Варшаве ў знакамітым дзіцячым доме Януша Корчака.
Для Рамашэўскай было важна запісаць ня толькі палітычную біяграфію Мілінкевіча. Яна хацела захаваць чалавека, які стаяў за вядомым палітыкам.
«Ён заўсёды мне здаваўся вельмі сымпатычным чалавекам, чалавекам з глыбокай культурай. І гэтыя ўсе аповеды паказалі мне, як ён зь іх вырас. Як гэта для яго важна. Усе гэтыя розныя кропкі гісторыі, розныя выпадкі — усё, што адбывалася, было для яго такой крыніцай, зь якой ён вырас».
Яна адзначае яшчэ адну рысу Мілінкевіча — асаблівае стаўленьне да людзей.
«Зь ім было вельмі прыемна размаўляць, таму што ён вельмі добра ставіўся да таго, з кім размаўляў. Ён проста любіў людзей. Магчыма, часам гэта яму і не ішло на карысьць. Але гэта тое ўражаньне, якое ўва мне засталося».
Мілінкевіч быў фізыкам паводле прафэсіі, але гісторыкам — паводле захапленьня. У размовах з Рамашэўскай яны прайшлі празь вялікі адрэзак беларускай гісторыі — ад XIX стагодзьдзя праз савецкі час да сучаснасьці. Менавіта Гарадзеншчына, паводле Рамашэўскай, была адной з галоўных тэмаў кнігі.
«Ён хацеў перадаць спэцыфіку, такую асаблівасьць сваёй зямлі, якая яна. Бо ва ўсёй Беларусі Гарадзеншчына ўнікальная. І ён хацеў пра гэта расказаць, а таксама пра свой палітычны досьвед».
У 2006 годзе Мілінкевіч стаў адзіным кандыдатам ад беларускай дэмакратычнай апазыцыі і кінуў выклік Аляксандру Лукашэнку. Рамашэўская тады толькі пачынала працаваць зь Беларусьсю і тады была больш аптымістычнай. Цяпер яна глядзіць на тыя падзеі інакш.
«Я думаю, што ў яго не было вялікіх шанцаў. Тады я думала, што, можа быць, ёсьць, але я была яшчэ наіўная. Мне здаецца, што тады Беларусь яшчэ не была гатовай — ня ўся нацыя, ня ўсё грамадзтва было дастаткова сасьпелым, каб адкінуць Лукашэнку, каб зразумець, што гэта такое. Нейкая частка, можа быць траціна, ужо гэта разумела. Але большасьць, мне здаецца, яшчэ не».
Кніга амаль гатовая. Але ёй не хапае важных матэрыялаў — перадусім старых сямейных фатаздымкаў. Значная частка архіву засталася ў Берштах, дзе знаходзіцца сядзіба сям’і Мілінкевіча. Гэты дом зараз арыштаваны. Рамашэўская спадзяецца, што кнігу ўдасца выдаць на польскай мове, а пазьней — і па-беларуску.